"Свет прыроды"

Першая зала, якую мы прапануем наведаць – “Свет прыроды”. Асноўная яго канцэпцыя - паказ праз біяцэноз сезонных з'яў: зіма прадстаўлена лясамі, вясна - балотамі, лета - вадаёмамі, восень - лугамі. Экспазіцыя залы пачынаецца з фізіка-геаграфічнай карты Ашмянскага раёна, па абодва бакі якой размешчаны фатаграфіі жывёл і раслін з Чырвонай кнігі рэспублікі Беларусь. Пад картай - фотаздымкі помнікаў прыроды рэспубліканскага значэння.

Усе чучалы размешчаны па порах года. Большасць з іх доўгажыхары музея. Буйныя жывёліны прыехалі да нас з Белавежскай пушчы, а дробныя з розных куткоў нашай краіны. Наведванне гэтай залы цікава як дарослым, так і маленькім гасцям нашага музея.

  У зімовым лесе можна ўбачыць чучалы аленя, зубра, лісы, глушца. Увесну на балоце прадстаўлены чучалы кабана, ваўка, янотападобнага сабакі. Вадаёмы, як і належыць, летам населены вадаплаваючымі птушкамі. Лугі паказаны восеньскай парой, дзе дамінантай з'яўляецца чучала лася, а побач - казуля, заяц, гарнастай і драпежныя птушкі.