"Падарожжа па Ашмянскім краі"

…Ашмяншчына - радзіма многіх вялікіх людзей, якія пакінулі свой след у гісторыі і ўпісалі залатымі літарамі свае імёны ў энцыклапедычныя даведнікі не толькі Беларусі, але і многіх краін Еўропы. На нашай зямлі захавалася мноства помнікаў і славутых мясцін, звязаных з найважнейшымі гістарычнымі падзеямі.

У другой экспазіцыйнай зале наведвальніка чакае падарожжа па найбольш вядомых населеных пунктах Ашмяншчыны: Мураваная Ашмянка, Баруны, Гальшаны, Жупраны, па двух баках ад якіх размешчаны прадметы сельскай і гарадской культуры. У гэтай зале прыменены цікавы экспазіцыйны прыём: з боку сельскай культуры выкарыстаны шпалеры, на якіх выява ручнікоў і тканін з фондаў нашага музея, з процілеглага боку- дэкаратыўнае палатно, якое адносіцца да сядзібнай і гарадской культуры.

Сярод найбольш значных музейных прадметаў, прадстаўленых у гэтай зале - нагруднік кірасы і аплечча XVII ст.; гусарская ташка, даламан, баннік артылерыйскі, ядры перыяду вайны 1812 года; гадзіннік напольны і насценны канца XIX – пачатку ХХ ст.; лава садовая таго ж перыяду з маёнтка графаў Чапскіх у Навасёлках; прадметы побыту, ручнікі, кавальскія мяхі і прылады працы канца ХІХ – пачатку ХХ стст., і шмат іншага.