Філіял "Гальшанскі замак"

Гальшанскі замак канца XVI - пачатку XVII ст. – унікальны помнік архітэктуры, некалі найпрыгажэйшы замак Вялікага княства Літоўскага. Пабудаваны ён быў Паўлам Стэфанам Сапегам - падканцлерам ВКЛ, выбітным ваенным і палітычным дзеячам свайго часу.

Па сваёй кампазіцыі замак у Гальшанах нагадваў Мірскі, але быў цалкам пазбаўлены суровасці апошняга. Прамавугольны ў плане двор (65,4 х 57,4 м) быў акружаны двухпавярховымі жылымі карпусамі і трохпавярховымі шасціграннымі вежамі. У сярэдзіне паўночна-ўсходняга корпуса знаходзілася ўязная брама, завершаная таксама шасціграннай вежай.

У замку, апроч жылля, знаходзіся гаспадарчыя памяшканні, парадныя залы. Роспісы на сценах і столях, дэкор камінаў, маляўнічыя кафляныя печы, вітражы на вокнах, дарагая мэбля стваралі ўрачыстае ўражанне пышнай магнацкай рэзідэнцыі.

На працягу XVII - XIX стст. замак неаднаразова быў пашкоджаны, аднаўляўся, перабудоўваўся. Наймацнейшыя разбурэнні прынесла замку ХХ стагоддзе, да нашага часу рэзідэнцыя Сапегаў дайшла толькі фрагментарна…

З 2011 г. пачынаюцца работы па расчыстцы замкавых пабудоў і двара, кансервацыі і фрагментарнай рэстаўрацыі.

6 мая 2021 г. адбылося ўрачыстае адкрыццё музейнай экспазіцыі ў Паўночнай вежы «Гальшанскі замак. Гісторыя і паданні», якая складаецца з 4-х раздзелаў:

  1. «Легенды і паданні Гальшанскага замка» (падвал Паўночнай вежы);

  2. "Гісторыя і архітэктура замка" (першы ярус);

3. "Побыт уладальнікаў замка" (другі ярус);

4. «Сапегі - будаўнікі і ўладальнікі замка. Гальшанскі замак у перспектыве часу» (трэці ярус і аглядная пляцоўка).

Тады ж пачаў працу філіял Ашмянскага краязнаўчага музея імя Ф.К. Багушэвіча «Гальшанскі замак».

Сёння замак - месца актыўнага прыцягнення як жыхароў Беларусі, так і турыстаў з многіх замежных краін. Наведвальнікам замка прапануецца:

 -аглядная экскурсія і шэраг тэматычных,

- квэст-гульні для дзяцей і дарослых,

- тэатралізаваная гульнявая праграма "Соф'я запрашае".

Традыцыйнымі сталі «Вечары ў Соф'і Гальшанскай» і рэгіянальны фестываль сярэднявечнай культуры «Гальшанскі замак».

У візіт-цэнтры наведвальнікам прапануецца разнастайная сувенірная прадукцыя, у тым ліку вырабы мясцовых умельцаў, а таксама кулінарны брэнд "Гальшанскі пернік", які выпякаецца па старажытным сакрэтным рэцэпце.

Філіл «Гальшанскі замак» чакае Вас з аўторка па нядзелю (выхадны панядзелак) - з 10.00 да 19.00 без абеда.

Адрас: Гродзенская вобл., Ашмянскі р-н, аг. Гальшаны, вул. Замкавая, д. 64.

Тэлефоны для даведак: 80159323489; 80159376752; 80159376753.

Маб.: +375 29 1484376; +375 29 9165012.